ПА́ВЕЛ З ВІ́ЗНЫ,

дзеяч Рэфармацыі ў ВКЛ 2-й пал. 16 ст. Быў віленскім суперінтэндантам, «міністрам». Як ідэолаг антыпрыгонніцкай партыі бел. і літоўскіх антытрынітарыяў выступіў на сінодзе ў Іўі (1568) супраць феад. эксплуатацыі, прыгоннай залежнасці сялян, іх цяжкай працы на паноў. Асуджаў існуючую сац. несправядлівасць. Як сведчыць пратакол сінода, П. з В. сцвярджаў: «Я так разумею і так веру, што сапраўднаму хрысціяніну нельга мець падданых, а тым больш нявольнікаў і нявольніц, бо гэта паганства панаваць над сваім братам, карыстацца з яго поту і крыві. Святое пісанне ясна сведчыць, што Бог стварыў род чалавечы з адной крыві, таму ўсе мы родныя, усе браты».

Літ.:

Из истории философской и обшественно-политической мысли Белоруссии: Избр. произв. XVI — нач. XX в. Мн., 1962;

Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI — начало XVII в). Мн., 1970.

т. 11, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)